І. Марзалюк. Сімвалы беларускай вечнасці: гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці
І. Марзалюк. Сімвалы беларускай вечнасці: гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці
У выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга «Сімвалы беларускай вечнасці: гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці». Аўтарам кнігі з’яўляецца вядомы беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, член-карэспандэнт Нацыянальной акадэміі навук Беларусі, актыўны грамадска-палітычны дзеяч, дэпутат беларускага парламента – Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Аляксандравіч Марзалюк. Кнігі І. Марзалюка заўсёды выклікаюць шырокі рэзананс у беларускім грамадстве. І яго чарговая кніга, якая пабачыла свет зусім нядаўна, не з’яўляецца выключэннем. Кніга прысвечана актуальным пытанням беларускай гісторыі, якія цесна звязаны з нашай сучаснасцю. Фактычна яна нарадзілася з аўтарскага тэлепраекта “Сімвалы беларускай вечнасці”. Пры гэтым мінулае, пра якое разважае аўтар у кніге, – гэта актуальнае гістарычнае мінулае, гэта той шлях, праз які прайшла Беларусь у сваім развіцці да сучаснай дзяржавы. Гэта кніга – пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці, пра нашы гістарычныя сімвалы і вытокі, пра нас, пра нашых продкаў. На падставе шырокіх гістарычных крыніц, значная частка якіх друкуецца ўпершыню, аўтар гаворыць аб гістарычных традыцыях беларусаў, аб вытоках беларускай нацыі, якія ўвасоблены ў сучасным дзяржаўнам ладзе краіны, аб тым, што такое патрыятызм для беларусаў, для якіх слова “Радзіма” не з’яўляецца пустым гукам, а мае высокі сэнс і гонар.