Зара вызвалення займаецца над Беларуссю і прэзентацыя кнігі «Партызаны Беларусі»
Зара вызвалення займаецца над Беларуссю і прэзентацыя кнігі «Партызаны Беларусі»
20 чэрвеня 2024 года а 16-й гадзіне ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116) адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У праграме – адкрыццё 4-й выстаўкі з патрыятычна-выхаваўчага цыкла «Зара вызвалення займаецца над Беларуссю» і прэзентацыя кнігі «Партызаны Беларусі».
Выставачны праект «Зара вызвалення займаецца над Беларуссю» ладзіцца сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, мае на мэце паказ хронікі вызвалення Беларусі. Кніжны, ілюстрацыйны і дакументальны матэрыял апошняй выстаўкі з цыкла ўзнаўляе асноўныя этапы Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён». Тут паказаны Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Мінская, Полацкая і іншыя аперацыі, што прывялі да поўнага вызвалення Беларусі ўлетку 1944 г.
Вялікі ўнёсак у дасягненне перамогі над ворагам зрабілі народныя мсціўцы. Невыпадкова, у межах мерапрыемства адбудзецца прэзентацыя навукова-папулярнага выдання «Партызаны Беларусі», якое прадставіць Алег Усачоў, укладальнік і аўтар тэксту, журналіст выдавецкага дома «Беларусь сегодня».
У кнігу ўвайшлі гісторыі жыцця і барацьбы, драматычных чалавечых лёсаў як радавых партызан, якія не мелі ўзнагарод, так і партызанскіх камандзіраў, якія ўнеслі значны ўклад у Вялікую Перамогу.
У мерапрымстве прымуць удзел эксперты-гісторыкі, архівісты, журналісты, сваякі герояў-партызанаў, што дасць магчымасць прысутным стварыць аб’ёмны партрэт вайны, тых «вогненных саракавых», у якіх жылі, вучыліся, любілі, змагаліся і кавалі Перамогу нашы бабулі і дзядулі.
Дата заканчэння выстаўкі – 31 снежня 2024 г., кальцавая галерэя, 3 паверх.
Тэрмін экспанавання можа быць зменены.
На адкрыццё ўваход вольны, у астатні час – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра. Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Тэл. для СМІ (8 017) 293 27 56, для даведак (8 017) 368 37 37